«СЛО́ВА І СПРА́ВА ГАСУДА́РАВА»,

сістэма паліт. вышуку ў Расіі 17—18 ст. Пашырылася з часоў царавання Міхаіла Фёдаравіча [1613—45). Кожны падданы пад страхам смерці абавязаны быў даносіць уладам пра вядомыя яму злыя намеры супраць цара або членаў яго сям’і, аб знявазе царскага імя і тытула, аб дзярж. здрадзе. Пры гэтым ужываўся ўмоўны выраз: «Слова і справа гасударава!» або проста «Слова і справа!». Даносчыка і абгавораных ім людзей падвяргалі перакрыжаваным допытам і катаванням. Такія справы разглядалі ў Разрадным, Разбойным, Стралецкім і інш. прыказах; з 1702 — у Праабражэнскім прыказе, у 1721—26 — у Тайнай канцылярыі, у 1731—62 — у Канцылярыі тайных і вышуковых спраў. Адменена ў 1762.

Літ.:

Семевский М.И. Тайная служба Петра I. Мн., 1993.

т. 15, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)